ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным ў 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.

Ю.А.Якімовіч, Э.І.Вецер.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)